0
2638
15.05.2017

У гэтым годзе Фестываль АDNАK! займеў шмат істотных зменаў, выкліканых уключэннем у рэйтынг крэатыўнасці беларускіх рэкламных агенцтваў АКМА і АРА.


І каб адпавядаць яшчэ вышэй паднятай планцы, Аргкамітэт вырашыў парушыць шматгадовую традыцыю абвяшчэння Фестывалю ўвесну і перанесці тэрміны правядзення Фестывалю ADNAK!

Больш дакладныя даты правядзення Фестывалю будуць вызначаныя ў ліпені гэтага года.

“Уключэнне аж у два рэйтынгі крэатыўнасці, чаго мы чакалі даўно, матывуе нас рыхтаваць Фестываль іначай, чым у папярэднія гады. А гэта запатрабавала дадатковага часу і высілкаў. І таму, узважыўшы ўсе арганізацыйныя акалічнасці, мы вырашылі, што лепш парушыць шматгадовую традыцыю абвяшчэння Фестывалю ўвесну, чым зрабіць яго не так, як нам бачыцца ў гэтым годзе”, — адзначыла сустаршыня Аргкамітэта Фестывалю, каардынатар грамадскай культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!” Ніна Шыдлоўская.

Наступны Фестываль АDNАK! пройдзе ў абноўленым фармаце.

Асноўнае — усе намінацыі Фестывалю будуць падзяляцца на 2 асобныя блокі:

Камерцыйны блок — камерцыйная рэклама тавараў і паслуг,
іміджавая рэклама кампаній. Удзел у намінацыях гэтага блоку будзе платным.
Некамерцыйны блок — сацыяльная рэклама, грамадсказначныя і беларусаарыентаваныя праекты. Удзел у намінацыях гэтага блоку будзе па-ранейшаму бясплатным.

Таксама будзе працаваць менш складаў журы:
Крэатыўнае журы
Журы дызайну
Digital-журы
Журы сацыяльнай рэкламы, грамадсказначных і беларусаарыентаваных праектаў

Такія новаўвядзенні абумоўленыя прафесійным ростам Фестывалю, які за гады свайго існавання ператварыўся з месца акумулявання спецыялістаў рэкламнага рынку, неабыякавых да беларускай мовы і культуры, у сапраўдную творчую лабараторыю са сваімі правіламі і ўзроўнем.

Пра іншыя навінкі Фестывалю будзе паведамлена дадаткова.

Фестываль аDNаK — гэта:
– выяўленне і актывізацыя беларускага крэатыўнага коду, вылучэнне адметных рысаў беларускамоўнай рэкламы;
– фіксацыя працэсаў эвалюцыі беларускага рэкламнага рынку;
– папулярызацыя, своеасаблівая “прышчэпка беларускасці” для рэкламістаў, кліентаў і спажыўцоў.


e-max.it: your social media marketing partner
© 2016 BYTHEWAY.BY
IDEW MEDIA. CREATIVE TECHNOLOGY
Разработка сайта -DMGA